Музейное пространство Гомельщины и Черниговщины
Проект "От партнерства местных музеев к широкому трансграничному культурному сотрудничеству"

Мясцова суспольнасць і музеі: ад пасіўнасці да партыцыпатыўності

Генадзь Сівохін, старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі.

У апошнія гады даволі часта і шмат гучаць модныя цяпер словы кшталту «урбанізм» і «партыцыпатыўная культура». Вельмі часта — не проста ў сувязі з пераасэнсаваннем ролі мясцовай супольнасці ў жыцці і ўстойлівым развіцці пэўнага рэгіёну, але і ў кантэксце ўключэння ў гэтыя працэсы мясцовых музеяў. У лепшых традыцыях падаецца гэта як «прагрэсіўны» ўплыў Захаду — мяркуецца, што музеі павінны ўключацца ў пераасэнсаванне ролі мясцовай супольнасці.

«Але ж ці так яно новае і невядомае нам?» — пытанне, якое заўсёды хочацца задаць у сувязі з гэтым. Дый ці не прывядзе сляпое капіяванне формаў сучаснай партыцыпатыўнасці да дэградацыі мясцовых музеяў у сацыякультурныя пляцоўкі з нявызначаныя мэтай, місіяй і роляй у жыцці гэтых самых мясцовых супольнасцяў?

З аднаго боку, айчынны «класічны» музей мае досвед працы з лакальным кам’юніці і гэта — не толькі традыцыйная краязнаўчая праца ці традыцыйныя музейныя і/або немузейныя мерапрыемствы. Грунтуючыся на антрапалагічным/ этнаграфічным падыходзе ў сваёй рабоце, у другой палове ХХ ст. айчынныя музеі ўжо працавалі па методыках, аналагічным «еўрапейскім». На «Захадзе» гэтая метадалогія ў далейшым і прывяла да гэтай самай партыцыпатыўнасці і ўключэння музеяў у жыццё мясцовай супольнасці.

Зварот да антрапалагічнага/этнаграфічнага метаду ў музейнай рабоце важны быў менавіта таму, што актары культуры самі надаюць значэнне культурным артэфактам і ментафактам у межах адпаведнага дыскурсіўнага кантэксту; і менавіта такі падыход дазваляе найбольш плённа працаваць у музейным фармаце — часткова «музейшчыкі» таксама надаюць значэнне рэчам, пра якія маюць пэўнае ўяўленне, — бо элементы культуры становяцца «ўцягнутымі» ў нашы музейныя метады стварэння інтэрпрэтацыі і, што больш важна, у іх з’яўляецца магчымасць быць праінтэрпрэтаванымі іншымі. Такім чынам, перманентна мае месца працэс вытворчасці значэнняў элементаў культуры на кожным асобным персанальным узроўні, што дазваляе нам не проста інтэрпрэтаваць канкрэтныя артэфакты ў пэўным кантэксце падчас іх музеефікацыі, але і ствараць адмысловы музеальны наратыў.

Сама ж па сабе партыцыпатыўнасць не з’яўляецца чымсьці прынцыпова новым. Гэта — сацыяльна актыўная пазіцыя, пры якой праяўляецца сацыяльнаадказная саўдзельнасць у прыняцці рашэнняў і іх выкананні. Партыцыпатыўная культура / культура саўдзельнасці накіраваная на дыялог паміж самымі рознымі актарамі і можа выяўляцца, напрыклад, у творчых акцыях, сумесных навучальных праектах альбо ў практыках камунальнага самакіравання. Важным з’яўляецца не сам вынік, які дасягаецца праз практыкі партыцыпатыўнай культуры, а форма іх рэалізацыі — інструменты і метады, якія дазваляюць дасягнуць патрэбнага выніку.

Таму важнае месца ў рабоце музеяў павінны займаць менавіта партыцыпаторныя тэхналогіі — «інструменты, з дапамогай якіх музей павінен ператварацца ў сучаснае, шматграннае, дынамічнае, спагадлівае месца, арыентаванае на патрэбы гледача» [4, с. 20]. Гэта азначае, напрыклад, што пры дапамозе такіх тэхналогій ствараецца магчымасць значна дапоўніць і пашырыць традыцыйную метадалогію музейнай педагогікі.

Класічны музей у сваёй экспазіцыйна-выставачнай і музейнапедагагічнай рабоце стварае інфармацыйны прадукт, які наведвальнік музея і атрымлівае. І працэс гэты — аднабаковы. У выпадку ж работы па партыцыпатыўнай метадалогіі, музей жа наадварот — імкнецца стварыць сітуацыю, пры якой існуюць рознанакіраваныя вектары абмену інфармацыяй — музей «выступае ў якасці пляцоўкі, якая аб’ядноўвае розных карыстальнікаў, а тыя выступаюць у ролі стваральнікаў, распаўсюджвальнікаў, крытыкаў і сутворцаў кантэнту. Інакш кажучы, партыцыпаторная ўстанова не гарантуе ўсім аднолькавых уражанняў. Яна дае магчымасць кожнаму наведвальніку атрымаць уласнае ўражанне, у стварэнні якога ён прымае непасрэдны ўдзел» [4, с. 17]. Важнейшым вынікам гэтага з’яўляецца набыццё агульнаствораным кантэнтам прываблівай для ўсіх актараў працэсу формы. Такім чынам партыцыпатыўная культура не толькі стварае арыгінальны кантэнт, але і ўкараняе адмысловыя практыкі кааперацыі і кааптацыі новых ідэй, меркаванняў і г.д.

Што ж тычыцца азначанага тэзісу пра наяўнасць у айчынных музеяў досведу работы ў адпаведнасці з антрапалігчнай метадалогіяй у рамках партыцыпацыйнага падыходу, шмат у чым блізкім да сённяшніх заходнееўрапейскіх, для прыкладу варта прывесці досвед работы Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», які размешчаны, як бачна з назвы, у горадзе Заслаўе ў 12 км ад Мінска.

Даволі часта ў дыскусіях пра музейную справу Беларусі можна спаткаць адсылкі да 1990-х, альбо, нават, да канца 1980-х як да эпохі росквіту своеасаблівага музейнага жыцця і метадалогіі музейнай работы. Сярод гэтых спасылак асабліва часта мы можам пабачыць узгадкі пра Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», які ў той час быў адным з цэнтраў развіцця музейнай справы на Беларусі. Больш за тое, указваецца, што заслаўскі музей-запаведнік стаў кузніцай кадраў і менавіта выхадцы з яго ў далейшым склалі ядро музейнага жыцця і асноўнымі кадрамі як уласна музеяў, так і музеальных метадалагічных цэнтраў кшталту БелДІПК і інш.

Заслаўскі гісторыка-культурны музей-запаведнік дэманструе цікавую — з акадэмічага пункту гледжання, — спробу пабудовы музея як навуковай і навукова-даследчай установы. Пры яго ўтварэнні было распрацаванае і прапаноўвалася да разгляду вучонай радзе ўстановы некалькі канцэпцый развіцця. Пры абгрунтаваным больш чым крытычным стаўленні да, напрыклад, прапаноў Т. Гарнаскай па развіцці музея-запаведніка, нельга не адзначыць, што нават у гэтай навуковай рабоце відавочная праца па метадалагічнай распрацоўцы навуковай дзейнасці музейнай установы і прысутнічае хоць і «наіўны» і «стыхійны», але вызначаны этнаграфічны падыход да музеефікацыі гістарычнай спадчыны: «Кожны асобны пададдзел [прапаноў па стварэнню Запаведніка «Заслаўе» — Г.С.], акрамя гістарычнага ракурсу, утрымлівае канкрэтныя прапановы аўтара па скарыстанню і прапагандзе гэтай галіны культуры ці гісторыі горада з тым, каб не парываць цэльнасці ўяўлення дадзенага пытання» [1, арк. 3]. І хаця у гэтых прапановах відавочна прысутнічае памкненне да стварэнне ідэальных і аб’ектыўных ведаў пра гістарычную спадчыну Заслаўя [1, арк. 2], такая пазітывісцкая «аб’ектыўнасць» шмат у чым можа быць нівеляваная прапанаванымі спробамі карэктнай работы з мясцовай супольнасцю і з музейнымі артэфактамі, іх інтэрпрэтацыяй і музейнай рэпрэзентацыяй [1, арк. 3–4].

Больш грунтоўнай выглядае канцэпцыя развіцця музея-запаведніка як музея пад адкрытым небам, прынятая ў тым жа 1989 г. вучонай радай установы [2, арк. 1]. Нягледзячы на нацыянальнаадраджэнскі пафас, так уласцівы канцу 1980-х — 1990-м гг., дадзеная работа ўяўляецца даволі грунтоўнай і глыбокай: «… адной з галоўных мэт мы ставім перад сабой узнаўленне такога жыццёвага стану жыхароў Заслаўя, пры якім … стрыжнямі гэтага ладу мусяць быць местачковыя рамесніцкая культура і духоўна-матэрыяльны склад жыцця, якія ў сваёй сукупнасці забяспечвалі пераймальнасць веры, ведаў, вопыту. Адсюль вынікае, што аб’ектам уздзеяння Запаведніка павінна быць перш за ўсё свядомасць людзей, якая спрычыняецца да яго культурнай дзейнасці» [2, арк. 1].

Фактычна прапаноўваецца вельмі ўрбанізаваная музеалагічная партыцыпатыўная мадэль — аднаўленне традыцыйнага беларускага мястэчка, амаль штэтла, — якая б згодна з канцэпцыяй развіцця грунтавалася перад усім на трох асноўных прынцыпах: этнаграфічным, мастацкім і краязнаўчым [2, арк. 21]. Праўда, хаця значнай часткай насельніцтва гістарычнага Заслаўя і былі раней габрэі, гаворка ідзе выключна пра адраджэнне беларускай культуры гораду [2, арк. 10], але гэта і зразумела — канец 1980-х быў, як ужо адзначалася вышэй, часам Беларускага адраджэння, якое каланізавала ўсю астатнюю культурную гісторыю. Нават пры пабудове экспазіцыі музею пад адкрытым небам на тэрыторыі запаведніка ў Заслаўі і аднаўленні і музеефікацыі музейнага аб’екту «Этнаграфічнаы комплекс «Млын», які належыў Міхедку-Савіцкаму, у кантэксце беларусізацыі мінімалізуецца альбо наогул замоўчваецца, што ён быў габрэем.

Важным этапам у стварэнні і дзейнасці заслаўскага музею з’яўляліся распрацоўка і спробы рэалізацыі канцэпцыіі экамузею, якія мелі месца з 1988 да 1994 г. [3, с. 55]. Асновы канцэпцыі развіцця музею палягалі на прынцыпах музейна-антрапалагічнага падыходу, «горад разглядаўся як культурная экасістэма, у якой культурныя і прыродныя кампаненты звязаны паміж сабой прынцыпам самазахавання і самаабнаўлення» [3, с. 56]. Праўда, на пачатку работы дзейнасць музея сустрэла пэўны недавер і, нават, месцамі варожасць з боку тубыльцаў — прыйшлі «чужыя» і штось спрабуюць намі кіраваць: «Самым жа складаным было атрымаць у мясцовага насельніцтва і ўлад крэдыт даверу, перавесці скептычна-агрэсіўныя адносіны ў плоскасць канструктыўнага ўзаемаразумення, схіліць мясцовых жыхароў да пошуку самабытнасці і новай ацэнкі сваёй спадчыны, традыцый» [3, с. 56].

Як адзначае тагачасны дырэктар установы А. Калбаска, пры распрацоўцы экамузейных прынцыпаў работы заслаўскага запаведніка было вызначана, што для яго грунтоўнасным «з’яўляецца вяртанне ў жывое асяроддзе згубленых з’яў і элементаў культуры. У сваёй дзейнасці запаведнік, практыкуючы наватарскія падыходы, галоўнай задачай лічыў устанаўленне сувязяў паміж мінулым і сучаснасцю, жыхарамі і навакольным асяроддзем. Ён спрабаваў правесці ў жыццё тэндэнцыю захавання помніка ў кантэксце з усім прыродным і культурным асяроддзем… [каб — Г.С.] захаваць ці вярнуць у асяроддзе чалавека не толькі пэўныя аб’екты і прадметы, але і самі вытворчыя працэсы, рамёствы, згубленыя элементы культуры і навыкі» [3, с. 58–59]. У выніку музей не толькі становіцца рэальна дзеючым цэнтрам партыцыпатыўнасці, але і цэнтрам «побытавага» жыцця — у «галодныя» 90-я узімку на млын, які працаваў не толькі як экспазіцыйны аб’ект, але і як вытворчы — непасрэдна як млын: стаяла чарга саней з мяхамі зерня на памол. Усё гэта, безумоўна, садзейнічала наладжванню стасункаў паміж мясцовай грамадой і музеем-запаведнікам.

Музей-запаведнік ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. рэальна становіцца не толькі культурным цэнтрам жыцця мястэчка, але і генератарам ідэй арганізацыі жыццёвай палітыкі гораду — пры падтрымцы і па ініцыятыве яго быў арганізаваны гарадскі грамадскі камітэт, які актыўна ўплываў на жыццё Заслаўя: «Значнай грамадскай акцыяй, якая мела ў горадзе пэўны рэзананс, стала арганізацыя запаведнікам у верасні 1989 года экалагічнага мітынгу. Была зроблена выстаўка, праведзены збор подпісаў жыхароў за вынас асфальтавага завода за межы горада» [3, с. 60]. Фактычна музей ператвараецца ў пляцоўку для камунікацыі: музей — гараджане, гараджане — гараджане, гараджане — улады і выступае партыцыпацыйным партнёрам у ролі пасярэдніка і арганізатара дыялогу ўсіх паміж усімі.

І хаця працэс наладжвання камунікацыі не заўжды адбываўся проста і без заганаў, але ён меў месца. Дзеля гэтага запаведнікам былі прыкладзеныя не толькі агульна-арганізацыйныя намаганні, але і «профільныя» — былі праведзеныя навуковыя даследаванні: «З дапамогай прафесійных сацыёлагаў з Акадэміі навук Беларусі ў 1989 годзе супрацоўнікамі запаведніка было праведзена сацыялагічнае даследаванне на тэрыторыі старога горада. Гэта дазволіла высветліць адносіны і стаўленне жыхароў горада да ўстановы і яе дзейнасці. Вынікі апытання былі ўлічаныя пры распрацоўцы канцэпцыі запаведніка» [3, с. 61]. Ні для каго не сакрэт, што такія даследаванні, граматна і карэктна арганізаваныя і праведзеныя з акадэмічнага пункту гледжання, апрача высвятлення рэальнага стану рэчаў могуць і спрыяць стварэнню пазітыўнага іміджу ўстановы і наладжванню камунікацыі, з чаго запаведнік і скарыстаўся. Што, у сваю чаргу, пазітыўна паўплывала на стасункі мясцовай супольнасці і музея-запаведніка і на арганізацыю дзейнасці грамадскага камітэту: «Праводзячы работу па вяртанню абліччу горада «свайго твару», запаведнік не мог абысці праблему назваў вуліц у гістарычнай частцы. Супрацоўнікамі запаведніка было праведзенае апытанне жыхароў. Па яго выніках было прынятае рашэнне гарвыканкама аб змене назваў вуліц: «Вялікай» і «Замкавай» зараз зноў называецца колішняя «Луначарскага», а «Камсамольская» зноў стала «Рынкавай» [3, с. 62]. Больш затое, менавіта дзякуючы намаганням камітэту жыхароў захавалася гістарычная трасіроўка гэтых вуліц пры пракладанні газаправоду.

Такім чынам, нельга сказаць, што партыцыпатыўная культура — штосьці невядомая ў практыках айчынных музеяў. З іншага боку, нельга не адзначыць, што з канца 1990-х і асабліва ў 2000— 2010-я гг. назіраўся крызіс партыцыпатыўных практык — крызіс і арганізацыйна-метадалагічны, і экзістэнцыйны. Калі звярнуцца да досведу работы таго ж Музея-запаведніка «Заслаўе», то можна канстатаваць, што ў пэўны перыяд асабліва моцна тэндэнцыя да адраджэння элементаў традыцыйнай культуры выявілася праз удзел мясцовых жыхароў у арганізацыі і правядзенні культурнамасавых мерапрыемстваў — ад этнаграфічных абрадаў і рытуалаў да пленэраў сучаснага мастацтва. На жаль, большасць з такіх мерапрыемства зараз ужо праходзіць без удзелу саміх жыхароў — ім аддаецца роля выключна гледача-назіральніка. Менавіта тут і маглі б прыйсці на дапамогу сучасныя метадалагічныя падыходы ў партыцыпатыўнасці.

Праз палітычную сітуацыю заняпала дзейнасць грамадскага камітэту, хаця пры ўзнікненні пэўных праблем людзі «па старой памяці» часта адразу ж звяртаюцца не ў выканкам, напрыклад, а ў музей — варта прыгадаць сітуацыя са змяненнем рэчышча Чарніцы, спробай забудовы пляцу былога рынку і г.д., якія мелі месца цягам 2010-х гг.

Аднак трэба прызнаць, што на сёння немагчыма не толькі паўтарыць ранейшы поспех лакальнай музейнай партыцыпацыі з ранейшай жа метадалогіяй, але і проста спрабаваць яе працягваць — па самых розных прычынах: ад эканамічных, да палітычных і ідэалагічных. Аднак спалучэнне колішніх дасягненняў і новыя метадалагічныя падыходы маглі б даць плён.

Крыніцы і латаратура

  1. Архіў ДУ «Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». — Фонд «Навуковы архіў». — Справа «Гаранская, Т. Прапановы па стварэнню запаведніка «Заслаўе» : Заслаўе на Меншчыне (1989)».
  2. Архіў ДУ «Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе». — Фонд «Навуковы архіў». — Справа «Канцэпцыя развіцця Гісторыка-культурнага запаведніка «Заслаўе» (1989)».
  3. Калбаска, А.М. Музейны дыярыуш ці Уваходзіны ў новую музеялогію / А.М. Калбаска. — Мінск : БелІПК, 1999. — 148 с.
  4. Саймон, Н. Партиципаторный музей / Пер. А. Глебовской. — М. : Ад Маргинем Пресс, 2017. — 368 с.

Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Поўную адказнасць за змест публікацыі нясе грамадская арганізацыя "Беларускі зялёны крыж". Яна ні ў якай меры не мусіць разглядацца як адлюстраванне афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.