Музейное пространство Гомельщины и Черниговщины
Проект "От партнерства местных музеев к широкому трансграничному культурному сотрудничеству"
  • ГОМЕЛЬ

    - Гомель. Горад на Сожы.
    - Буйны адміністрацыйны цэнтр. Шматлюдны. Шматгранны.
    - Чыгунка. Дарогі. Масты.
    - Гарадскі парк — зялёны аазіс на месцы старажытнага горада.

    Путеводитель

  • ВЕТКА

    - Рака. Маляўнічы бераг.
    - "Прыйшлі па рацэ і селі на рацэ Ветка".
    - Ветку заснавалі 12 сямей і два святары — Казьма і Стафан.

    Путеводитель

  • РЭЧЫЦА

    - Царква, касцёл, сінагога.
    - Прасторавыя арыентыры беларускіх гарадоў і мястэчак.
    - Адзін з гарадоў на Дняпры.

    Путеводитель

  • ЛОЕЎ

    - Птушка Фенікс. Такі трапны вобраз для гарадоў і мястэчак Беларусі.
    - Для Лоева ён асабліва выразны.
    - Татарскія набегі. Казацкія паходы. Другая сусветная вайна.

    Путеводитель

  • БРАГІН

    - Палессе.
    - Заліўныя лугі. Урадлівыя землі.
    - Брагінка нясе свае воды ў Дняпро.
    - На ёй стаіць Брагін, горад са шматвяковай гісторыяй.

    Путеводитель

  • ХОЙНІКІ

    - Хойнікі. Хвойнікі. Хваёвыя лясы.
    - Драўляны замак на забалочанай рацэ.
    - Рэкі. Дарогі. Чыгунка.
    - Горад жывілі буйныя гандлёвыя шляхі.

    Путеводитель

  • ЛЮБЕЧ

    - "В лєто 882… Поидє Олєгъ къ Смоленску… оттуда поидє внизъ и взя Любецъ и посади мужъ свои…"
    - Літописний Любеч. Одне з найдавніших міст Чернігово-Сіверщини.

    Путеводитель

  • РІПКИ

    - На заході – Дніпро, на півночі – Сож.
    - Безліч річок, боліт та мальовничих озер.
    - Ріпкинщина вабить неповторною красою природи.

    Путеводитель

  • ЧЕРНІГІВ

    - Місто-фортеця, місто-легенда.
    - Оповитий билинами, оспіваний поетами,
    - сивочолий і вічно молодий Чернігів.
    - Місто контрастів.

    Путеводитель

  • СЕДНІВ

    - Зелени луки. Соснові ліси. Прозорі води ракі.
    - Найбільшою окрасою Седнева є Снов.

    Путеводитель

Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны: архітэктурна-стылістычныя асаблівасці

Ляпин Сергей Александрович, журналист, краевед.

Булавинская Мария Петровна, магистр истории, журналист, краевед.

Шляхта — прывілеяванае саслоўе Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі мясцовай шляхце давялося на падставе дакументаў, што пацвярджалі высакароднае паходжанне, праходзіць абавязковую рэгістрацыю ў якасці дваранства Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX ст. былая шляхта часта інтэгравалася ў супольнасць расійскага дваранства. Яе прадстаўнікі нават маглі займаць высокія дзяржаўныя пасады. Але збольшага мясцовыя дваране шляхецкага паходжання — уладальнікі прадстаўнічых сядзіб і палацаў — заставаліся каталікамі і шанавалі спадчыну Рэчы Паспалітай, прытрымліваліся некаторых старадаўніх шляхецкіх традыцый.

Шляхецкія сядзібы з’яўляюцца нашай культурнай спадчынай, якая ўзбагачае духоўнае жыццё Гомельшчыны. У XIX — пачатку XX ст. для дваран шляхецкага паходжання — гаспадароў заможных палацаў і сядзіб была ўласціва прыхільнасць да культуры мясцовага паходжання. А іх сядзібы (палацы) былі асяродкам шляхецкай культуры, якая мела шчыльную сувязь з мясцовымі звычаямі і здабыткамі.

На тэрыторыі Беларусі шляхецкая сядзіба як з’ява атрымала шырокае распаўсюджанне. Але саміх сядзіб, палацаў і паркаў да нашых дзён захавалася вельмі мала. Сляды сядзібнай культуры знішчаліся ў часы ліхалеццяў у ХХ ст. Спусташаецца сядзібная спадчына і сёння. Побач са складанай праблемай захавання сядзібных аб’ектаў стаіць праблема аднаўлення іх гісторыка-культурнага зместу.

У 2014 г. быў распачаты праект «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны», мэтай якога стала выяўленне і характарыстыка становішча шляхецкіх сядзіб Гомельскай вобласці. Па выніках праекта была створана мапа шляхецкіх сядзіб, другая рэдакцыя якой была распрацавана ў 2018 г.

У мапу ўключана 30 будынкаў, якія месцяцца ў межах сучаснай Гомельскай вобласці (часткі гістарычных Рагачоўскага і Гомельскага паветаў Магілёўскай губерні, Рэчыцкага і Мазырскага паветаў Мінскай губерні XIX — пачатку XX ст.). У агляд патрапілі сядзібы і палацы, якія:

— належалі дваранам шляхецкага паходжання;

— з’яўляліся асяродкам шляхецкай культуры, адлюстроўвалі побытавую атмасферу сядзібы і духоўнае жыццё, характэрнае толькі для дваран шляхецкага паходжання.

Для падрыхтоўкі мапы быў выкарыстаны шэраг разнастайных крыніц. Фотаздымкі і малюнкі, па якіх рэканструяваліся выявы будынкаў для мапы, размешчаны ў шматтомнай працы «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej» Рамана Афтаназі. У кнігах багата ўпершыню надрукаваных матэрыялаў з сямейных архіваў уласнікаў маёнткаў тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Выявы сядзіб і іх апісанні размяшчаюцца ва ўспамінах былых гаспадароў маёнткаў. Даведацца пра ўладанні роду Кяневічаў можна на старонках успамінаў Антонія Кяневіча «Nad Prypecią, dawno temu...». Успаміны Анджэя Раствароўскага (сына Тадэвуша Раствароўскага, які спраектаваў сядзібу Ваньковічаў у Рудакове — сёння Хойніцкі раён) «Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia kresowe» ўключаюць апісанні палескіх маёнткаў. Пра сядзібны побыт у бацькоўскім доме ў Пракопаўцы Гомельскага раёна і суседнія маёнткі ў сваіх успамінах «Pożegnanne» напісала апошняя гаспадыня сядзібы ў Гомелі па вул. Пушкіна, 32 Ірэна Лісоўская (у шлюбе Галынская).

Падчас рэалізацыі праекта шэраг сядзіб (у Пракопаўцы і Грабаўцы Гомельскага раёна, Тульгавічах Хойніцкага раёна і інш.) быў выяўлены дзякуючы працы са школьнымі і музейнымі архівамі вёсак і гарадоў Гомельскай вобласці. Каштоўнымі крыніцамі з’яўляюцца летапісы вёсак, якія з савецкіх часоў складалі настаўнікі і вучні вясковых школ. У іх можна знайсці выявы будынкаў бібліятэк, навучальных устаноў, якія раней з’яўляліся сядзібамі. Летапісы часта апісваюць гісторыю гэтых будынкаў, працэс змены іх функцыянальнага прызначэння.

Найбольш падрабязную інфармацыю пра сядзібы можна знайсці ў прыватных архівах нашчадкаў іх былых уладальнікаў. Напрыклад, дзякуючы такім матэрыялам атрымалася графічна аднавіць знешні выгляд сядзібы Нолькенаў у Касцюкоўцы (сёння тэрыторыя Гомеля), сядзібы Дорыа-Дзерналовічаў у Карме Кармянскага раёна.

Крыніцамі для стварэння графічных выяваў сядзіб з’яўляюцца іх малюнкі, зробленыя мастакамі XIX — пачатку XX ст.: Н. Ордай, І. Урублеўскім, А. Лукомскім і інш., фотаздымкі шляхецкіх дамоў, размешчаных у расійскіх часопісах пачатку XX ст. (напр., «Столица и усадьба»).

Шмат былых шляхецкіх уладанняў і маёнткаў Гомельскай вобласці сёння маюць іншыя назвы. Для лакалізацыі знойдзеных сядзіб і іх геапрывязкі да канкрэтнай мясцовасці спатрэбіліся спадарожнікавыя здымкі, старыя мапы, а таксама «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich» — грунтоўная шматтомная энцыклапедыя, выдадзеная ў 1880— 1902 гг. у Варшаве, у якой пададзены звесткі аб геаграфічных аб’ектах канца XIX — пачатку XX ст. з іх сціслай гісторыяй.

Падчас стварэння мапы выкарыстоўваліся напрацоўкі беларускіх аўтараў: Анатоля Федарука, Анатоля Кулагіна, Таццяны Літвінавай, Уладзіміра Літвінава, Мікалая Анісаўца (Лоеўскі раён), Сяргея Бельскага (Хойніцкі раён), Аляксандра Пашука (Петрыкаўскі раён), Алены Барсук (Мазырскі раён) ды інш. Выкарыстоўваліся выданні энцыклапедычнага характару, прысвечаныя архітэктуры Беларусі, шматтомнае выданне гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць».

На мапе «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны» адлюстраваны схематычныя выявы сядзіб, для стварэння якіх, як правіла, выкарыстоўваўся парадны фасад пабудовы (ці адзін з двух парадных). Архітэктурныя асаблівасці, колер, фактура будаўнічых матэрыялаў перададзены з выкарыстаннем вектарнай графікі.

Выявы сядзіб прывязаны на мапе да сучасных назваў населеных пунктаў. Кропка перад ці пасля назвы ўказвае прыкладнае месца размяшчэння населенага пункта. Для спрашчэння арыентацыі на мапе пазначаны адміністратыўныя межы раёнаў і буйныя рэкі.

Пад выявай сядзібы размешчаны рысы зялёнага, жоўтага ці чырвонага колеру, якія адлюстроўваюць стан сядзібы на час стварэння другой рэдакцыі мапы (красавік 2018 г.). Зялёнай рысай пазначаны сядзібы, якія захаваліся. Пры гэтым стан такіх сядзіб можа адрознівацца: некаторыя з іх знаходзяцца ў кепскім стане і патрабуюць тэрміновых мер для іх падтрымання. Рыса жоўтага колеру адзначае сядзібы ў руінаваным стане. Рыса чырвонага колеру — сядзіба зруйнаваная цалкам.

Прадстаўлены шэраг сядзіб ахоплівае перыяд канца ХVIII — пачатку ХХ ст. Іканаграфічнай інфармацыі аб сядзібах ранейшага перыяду на сёння амаль невядома.

Поўнай і дакладнай інфармацыі аб аўтарстве і часе пабудовы шляхецкіх сядзіб не хапае, але прадстаўленая выбарка дазваляе выявіць заканамернасці іх архітэктурна-стылістычнага развіцця.

Найбольш архаічнай сядзібай з наяўнага шэрагу можна лічыць гарадскі дом роду Кяневічаў у Мазыры (верагодна пабудаваны ў канцы ХVIII — пачатку ХIХ ст.). Будынак меў сціплае архітэктурнае аздабленне. Двухпавярховая сядзіба без дэкараванага вулічнага ўваходу за кошт розніцы ў памерах аконных праёмаў першага і другога паверхаў візуальна чытаецца як «дом на цокалі». Вокны другога паверха ўвенчаны трохкутнымі сандрыкамі і карнізікамі. Гэтыя рысы ў сукупнасці з высокім вальмавым дахам дазваляюць адносіць гэтую пабудову да пераходнага перыяду ад барока да класіцызму.

Будынак быў рэквізаваны на карысць дзяржавы з-за ўдзелу яго ўладальніка Фелікса Кяневіча ў паўстанні 1830–1831 гг. Пазней у будынку размясцілася мужчынская гімназія. На мяжы стагоддзяў пасля рэканструкцыі экстэр’ер пабудовы быў мадэрнізаваны ў бок большай дэкаратыўнасці.

Эпоха класіцызму даволі шырока прадстаўлена ў сядзібным будаўніцтве.

17 сядзіб з 30 можна аднесці да гэтага архітэктурнага перыяду. Але недахоп дадзеных аб часе ўзвядзення і аўтарстве пакуль не дазваляе дакладна казаць аб развіцці гэтага стылю на Гомельшчыне. Першыя класіцыстычныя пабудовы на тэрыторыі Гомельскай вобласці з’явіліся яшчэ ў канцы ХVIII — пачатку ХIХ ст. (палац Войніч-Сенажэцкіх у Хальчы). Дойлід з Рыгі Лунэбург працаваў над стварэннем у стылі ранняга класіцызму сядзібы Горватаў у Барбарове (сёння Мазырскі раён). Да сярэдзіны ХIX ст. можна аднесці прадстаўнічыя ампірныя пабудовы ў Дарашэвічах Петрыкаўскага раёна, Астраглядах Брагінскага раёна (архітэктар Генрых Марконі), Гомелі (першапачаткова «дом для летняга пражывання» Мікалая Румянцава, пабудаваны ў 1820–1822 гг. па праекце Івана Дзячкова, пазней належаў сям’і Крушэўскіх-Лісоўскіх).

Трэба адзначыць, што пад уплывам эстэтыкі класіцызму сядзібнае дойлідства знаходзілася ўсю першую палову ХIX ст. Як правіла, пабудовы, узведзеныя ў гэтым стылі на Гомельшчыне, мелі сіметрычны фасад у адзін ці два паверхі з невысокім вальмавым дахам. Парадныя ўваходы «вулічны» і «паркавы» абавязкова вылучаліся чатырох ці шасцікалоннымі порцікамі іанічнага ці часцей дарычнага ордэра.

Часта для эканоміі ў канструкцыю сядзібы ўключалася дрэва, з яго ўзводзілі сцены з абавязковым тынкаваннем і стварэннем ілюзіі мураванай сцяны (другі паверх палаца Войніч-Сенажэцкіх у Хальчы Веткаўскага раёна), часам дрэва выкарыстоўвалася для ўзвядзення порцікаў (сядзіба Войніч-Сенажэцкіх у Навасёлках Веткаўскага раёна).

У сярэдзіне ХIХ ст. фіксуецца некалькі сядзіб, якія можна аднесці да архітэктуры «рамантызму»: сядзібы Аскеркаў, пабудаваныя ў 1860-х гг. у Вужанцы і Рудакове (сёння Хойніцкі раён) і сядзібны дом Нагурскіх у Прудку каля Гомеля (1849 г. пабудовы). У экстэр’еры гэтых пабудоў можна заўважыць абарончыя матывы з архітэктурнай спадчыны сярэднявечча: вежападобныя выступы, фланкіруючыя вуглы пабудовы ці асобныя сапраўдныя вежы, увенчаныя шпілем, невялікія круглыя вокны-«байніцы», стылізаваныя абарончыя зубцы. У стылістыцы гэтых сядзіб заўважна прынцыповае ігнараванне раней абавязковага класіцыстычнага ордэра. Асноўным матэрыялам для ўзвядзення сядзібы Аскеркаў у Вужанцы было дрэва.

У канцы ХIХ ст. будуецца шэраг буйных эклектычных сядзіб (палацаў), якія вылучаліся своеасаблівым рашэннем і не мелі ранейшых стылістычных аналагаў на тэрыторыі Гомельшчыны. Сядзіба Дорыа-Дзерналовічаў у Карме Кармянскага раёна мела нехарактэрны Н-падобны план, падвышаныя да двух паверхаў бакавыя крылы. Сядзіба Ваньковічаў у Рудакове Хойніцкага раёна (аўтар Тадэвуш Раствароўскі) была вырашана ў барочнай стылістыцы і першапачаткова мела падвышаныя бакавыя часткі, як у Карме. Накрыты быў будынак характэрным двух’ярусным чарапічным дахам.

Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе (1893 г. пабудовы) стылістычна вылучаецца сярод іншых сядзіб. Багата аздоблены эклектычны будынак з асіметрычным планам, жывапісным сілуэтам не меў аналагаў у сядзібным будаўніцтве свайго часу на Гомельшчыне. Пецярбургскі архітэктар Віктар Шротэр увасобіў у ім стылістычныя напрацоўкі, якія папярэднічалі з’яўленню стылю «мадэрн».

Былі і шматлікія драўляныя сядзібы, зафіксаваныя прыклады можна аднесці да канца ХIХ — пачатку ХХ стст. Часта яны мелі невялікія памеры, будаваліся з традыцыйных для дадзенай мясцовасці матэрыялаў, але яны выразна адрозніваліся ад традыцыйных сялянскіх пабудоў сваёй тыпалогіяй. Гэта і абавязковая наяўнасць цэнтральнага параднага ўваходу, часта аформленага як калонны порцік, так і ігнараванне рэгіянальных напрацовак у стылістыцы традыцыйнай драўлянай архітэктуры.

Знойдзеныя картаграфічныя матэрыялы (схемы, нямецкія аэрафотаздымкі, тапаграфічныя мапы) дазваляюць выявіць асаблівасці заможнага сядзібнага комплексу шляхецкай сядзібы. Комплекс часта месціўся на вялікім абгароджаным надзеле зямлі, парадны ўезд пралягаў праз дэкараваную парадную браму (Нароўля, Красны Бераг, Барбароў). Праезд ад брамы да сядзібы часта афармляўся ў выглядзе алеі (Грабаўка). Заможны сядзібны дом мог фланкіравацца сіметрычнымі флігелямі, якія ўтваралі вялікі парадны двор-партэр (Хальч, Суткова, Астрагляды) ці меў нерэгулярную планіроўку (Барысаўшчына, Красны Бераг). Істотным складнікам шляхецкага сядзібнага комплексу з’яўляюцца натуральныя вадаёмы — рака, возера ці адмыслова створаныя ў пейзажных мэтах сажалкі, часам з дэкаратыўным востравам (Астрагляды). Пры сядзібе меўся парк ці сад (Хальч, Гомель, Красны Бераг), дзе гаспадары стваралі разнастайныя рамантычныя паркавыя аб’екты: дэкаратыўныя гроты (Хальч), рукатворныя курганы (Пракопаўка), ратонды (Нароўля).


Малюнак 1
— Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны, XVIII — пачатак ХХ ст.

Створаная мапа (мал. 1.) дае комплекснае ўяўленне пра архітэктурную стылістыку, тыпалагічную разнастайнасць, гісторыка-мастацкую значнасць шляхецкіх сядзіб Гомельшчыны. Яна можа выкарыстоўвацца як дапаможнік для распрацоўкі тэматычных турыстычных маршрутаў. Пры гэтым цікавасць могуць прадстаўляць не толькі сядзібы, што захаваліся, але і руінаваныя пабудовы, паркі ды іншыя аб’екты колішніх шляхецкіх уладанняў. Дадзеная тэматыка можа быць блізкай і цікавай беларускім, украінскім, польскім турыстам.

Працяг працы над новымі рэдакцыямі мапы з’яўляецца актуальным, бо шэраг выяваў шляхецкіх сядзіб да сёння застаецца невядомым. Іх пошукі могуць быць працягнуты ў беларускіх і замежных архівах. Напрыклад, мала графічнай інфармацыі па сядзібе Фашчаў у Грабаўцы Гомельскага раёна, невядомымі застаюцца выявы сядзібы Крушэўскіх у Борхаве Рэчыцкага раёна, палаца Юдыцкіх у Лоеве, сядзібы Дорыа-Дзерналовічаў у Рагіне Буда-Кашалёўскага раёна, сядзібы Солтанаў у Люшаве Буда-Кашалёўскага раёна і мноства іншых сядзіб. Акцябрскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Светлагорскі раёны застаюцца «terra incognita» Гомельскай вобласці, да сёння не знойдзена графічных матэрыялаў аб раней існаваўшых там сядзібах.


Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Поўную адказнасць за змест публікацыі нясе грамадская арганізацыя "Беларускі зялёны крыж". Яна ні ў якай меры не мусіць разглядацца як адлюстраванне афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.