Музейное пространство Гомельщины и Черниговщины
Проект "От партнерства местных музеев к широкому трансграничному культурному сотрудничеству"

Сучасны музей. Быць або не быць?

Вольга Гвоздь, старэйшы навуковый супрацоўвнік Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».

Дыскусія «быць або не быць музею сучасным» з верагоднасцю 99% абавяскова разгорнецца там, дзе сабраліся два або больш музейных супрацоўнікаў, і з той жа самай верагоднасцю працягнецца не адну гадзіну, нягледзячы на тое, што адказ відавочны: быць, бо ў адваротным выпадку музея не будзе. Зусім. Ён папросту не вытрымае канкурэнтнай барадзьбы за аўдыторыю. Вельмі часта гэтыя словы ўспрымаюцца вельмі балюча, бо супярэчаць вобразу музея як установы з высокай місіяй. Гэтак жа «некамфортна» чуць у спалучэнні са словам «музей» паняцці «маркетынг», «менеджмент», «рынкавая эканоміка» і жудасны прыметнік «камерцыйны», які супярэчыць самому вызначэнню музея. Але, як пісаў как писал Бертран Расел, свет трэба разумець такім, які ён ёсць, а не такім, якім ён павінны быць. Музей знаходзіцца на службе грамадства, а сучаснае грамадства распешчана свабодным і імгненным доступам да любой інфармацыі і шырокім выбарам спосабаў арганізацыі вольнага часу. Перш чым яго навучаць, развіваць, трансляваць яму сацыяльны вопыт, яго трэба чымсці прыцягнуць, прымусіць звярнуць на сябе ўвагу, а потым гэтую ўвагу ўтрымліваць. І гэта немагчыма зрабіць, калі не размаўляць з наведвальнікамі — рэальнымі і патэнцыйнымі — на іх мове. І калі гэта мова тэатралізаваных пастановак — хай так і будзе. Калі гэта мова сучасных гаджэтаў — хай так і будзе. Калі экскурсавод, апрануты у джынсы з дзіркамі, распавядае пра будызм з гумарам, але школьнікі, якія звычайна не вылазяці са сваіх смартфонаў, ходзяць за ім цэлую гадзіну і ўважлшва слухаюць — не чапайце яго, ён усе робіць правільна. Так, гэта непазбежна прывядзе да гібрыдызацыі музея, але хіба не тое ж самае адбываецца цяпер з усімі культурнымі ўстановамі? [1, с. 6]. Выставы ў гандлевых цэнтрах, тэтралізаваныя міні-спектаклі напярэдадні сеансаў у кінатэатрах… Гэта эвалюцыя, і калі дадзены працэс мае месца быць у музеі — гэта добра і нават карысна, бо гэта паказчык таго, што музей жывы і можа прыстасоўвацца. Прыстасаванне не значыць адмову ад асноўнай місіі музея — зберагаць і трансляваць сацыяльны вопыт. Яно значыць пэўную гнуткасць у формах і спосабах гэтай самай трансляцыі і на ўменні выкарыстоўваць забаўляльны элемент для таго, каб прыцягнуць увагу да сур’ёзных тэм і для больш эфектыўнага іх засваення.

Адным з найбольш яскравых прыкладаў, якія здольны праілюстраваць усе вышэйсказанае, з’яўляецца добра ўсім вядомае мерапрыемства «Ноч ў музеі»». Гомельскі палаца-паркавы ансамбль праводзіць «Ноч» з 2009 года, такім чынам, у гэтым годзе мы адзначылі 10-гадовы юбілей пад лозунгам «Non solum classic», які як раз вельмі адпавядае тэме сённяшняга форуму. Галоўны пасыл — музей можа ўразіць не толькі традыцыйным, звычным, але і чымсьці нечаканым. «Ноч» традыцыйна з’яўляецца самым наведвальным музейным мерапрыемствам у годзе, саступаючы, здаецца, толькі самым топавым камерцыйным праектам. У гэтым годзе за 4 гадзіны (менавіта столькі працягвалася мерапрыемства) музей прыняў каля 1200 наведвальнікаў. Давайце будзем шчырыя — усе гэтыя людзі прыйшлі не таму, што марылі далучыцца да прыгожага, павысіць свой культурны ўзровень і гэтак далей. Яны прыйшлі на свята, забаўляцца. Але — гэта не значыць, што, гуляючы і весела праводзячы час, яны не атрымалі той культурны мэсэдж, які мы для іх падрыхтавалі.

Яны ўбачылі выставу абразоў з Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь і даведаліся шмат новага аб іканапісе, але не праз тэксты, якія многія лянуюцца чытаць, а праз гутарку з рэстаўратарамі (Рис. 1), якія ў гэтай жа зале працавалі над аднаўленнем іконы, таму дошка, ляўкас, прорысы — усе гэта атрымала канкрэтнае значэнне для недасведчаных людзей, а не засталося толькі вербальным вобразам.

Усе наведвальнікі мерапрыемства малі магчымасць пагутарыць з найцікаўнейшай гомельскай мастачкай Святланай Наздрын-Платніцкай (Рис. 2), якая разам з куратарам прадстаўляла сваю выставу — ці здольныя б мы былі сабраць столькі людзей на сустрэчу з ёй, калі б яна была арганізавана асабна? Гэта было б фізічна немагчыма.

Нарэшце, падчас «Ночы ў музеі» у Гомельскім палацы экспанавалася выстава «Венцаносная сям’я», прысвечаная гісторыіі апошняга рускага цара Мікалая I і яго сям’і. Выстава была вельмі насычаная інфармацыйна, таму, каб нашым наведвальнікам было прасцей, мы распрацавалі настольную гульню, стылізаваную пад чыгунку. Гульня была вельмі простай — трэба было кінуць кубік, каб вызначыць, колькі «прыпынкаў» зробіць яго «цягнік». Кожнаму прыпынку адпавядала картка з пытаннем па матэрыялах, прадстаўленых на выставе. Меркавалася, што кожны ўдзельнік уважліва разгледзіць выставу і паслухае куратара, а потым прыме ўдзел у гульні. На справе большасць пажадалі пачаць гульню адразу і шукаць адказы самастойна. Яны агледзелі ўсе фотаздымкі, прачыталі ўсе тэксты, каб правільна адказаць на пытанні. Многім спадабалася назіраць за ходам гульні і падказваць новым удзельнікам, а таксама задаваць навадныя пытанні, як гэта рабіў вядучы. Знайшліся нават такія, якія пажадалі заставацца ля стала на працягу некалькіх гадзін, каб вывучыць адказы на ўсе пытанні і зрабіцца «экспертамі» гульні. У выніку ўдзельнікі вывучылі не толькі генеалогію Раманавых і геаграфію і храналогію шэрагу гістарычных падзей, але нават запомнілі мянушку малодшай князёўны Анастасіі — «Швыбзік». Апошняе, мабыць, і не вельмі важная інфармацыя, але тут цікава другое — ці змог бы хто з іх запомніць гэткае слова, проста пабачыўшы яго ў тэксце ці пачуўшы падчас экскурсіі? Наўрад ці. Але падчас гульні — вывучылі. Гэта прыклад таго, як цяжкую для засваення інфармацыю магчыма зрабіць нават цікаўнай, калі не баяцца адыходзіць ад канону і ісці насустрач аўдыторыі — нават калі нам здаецца, што гэткія формы работы — прымітыўныя. Мабыць, будзе не дрэнна, як і ў выпадку з тэрмінам «прымітыўнае мастацтва», слова «прымітыўны» змяніць на «першапачатковы». Бо менавіта з простых формаў пачынаюцца сур’ёзныя і істотныя працэсы. Тым больш што прастата і лёгкасць падабаецца не толькі дзецям, але і дарослым. Тут найпершае месца займае тое, як падаецца матэрыял, а ўжо за гэта адказвае музейны супрацоўнік, якога сучасныя рэаліі прымушаюць спрытна балансаваць паміж асветай і забаўкай — нібыта выконваючы джыгітоўку стоячы на двух канях (Рис. 3). Застаецца спадзявацца, што мы здолеем справіцца, дакладней, мы ўжо спраўляемся, бо, нягледзячы ні на што, людзі ў музей ідуць. А каб зразумець, што мы не адзіныя ў сваіх сумненнях «быць або не быць?», варта звярнуцца да выдатнага амерыканскага музейнага дзеяча Джона Котана Даны: “Займець прадметы для музея не складана. Яны бачныя, аб іх гавораць, імі захапляюцца, яны прыносяць ушанаванні тым, хто іх дарыць, і прэстыж тым, хто выбірае для набыцця. Але прадметы не ствараюць музей, яны толькі фармуюць калекцыю.

Тое, што дакладна для музейных прадметаў, дакладна і да музейных будынкаў. Яны вялізныя, манументальныя, прадастаўляюць дарыльнікам вытанчанаю рэкламу ў абмен на выдаткі і забяспечваюць папячыцеляў пачуццем выкананага абавязку і бессмяротнасцю бронзавых шыльдачак.

Магчыма, ніколі не было прыдумана больш бескарыснай публічнай установы, чым гэты папулярны ідэал, класічны музей, напоўнены рэдкімі і дарагімі прадметамі…

І калі цяпер музеі павінны прыносіць карысць свету, то вось за што музейным мазгам трэба змагацца: за такія калекцыі, такія будынкі і людзей з такімі навыкамі, каб усе яны разам працавалі дзеля задавальнення, адукацыі і карысці адпаведных супольнасцяў і развіваліся разам з імі» [2, с. 12–14].

Гэта вытрымка з публікацыі 1920 году. Як бачыце, на самой справе ідэя сучаснага музея такая ж старая, як і ідэя музея класічнага. Ці варта наогул супрацьпастаўляць іх адна другой?

Крыніцы і літаратура:

  1. Шола Т. «Полезный музей или сохранение наследия?» // Музей. — 2017. — № 3. — С. 6–9.
  2. Ананьеў В. Джон Котан Дана: ад «музейнага суму» да «новага музею» // Музей. — 2017. — № 3. — С. 10–14.

Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Поўную адказнасць за змест публікацыі нясе грамадская арганізацыя "Беларускі зялёны крыж". Яна ні ў якай меры не мусіць разглядацца як адлюстраванне афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.